САМАВЫДАВЕ́ЦКІ ДРУК, самвыдат,
агульная назва афіцыйна незарэгістраваных непадцэнзурных рукапісных, друк., аўдыёвізуальных і электронных носьбітаў інфармацыі для распаўсюджвання сярод пэўнай аўдыторыі ва ўмовах абмежаванняў свабоды слова. У СССР развіваўся пераважна ў Маскве і Ленінградзе (час. «Хроника текущих событий», «Синтаксис», альманах «Метрополь»), Прыбалт. рэспубліках, на Украіне, быў вядомы таксама ў Венгрыі, Польшчы, Чэхаславакіі і інш. б. сацыяліст. краінах.
Традыцыі бел. С.д. бяруць пачатак з твораў Афанасія Філіповіча і С.Буднага, «Мужыцкай праўды» К.Каліноўскага, нелегальнага час. народнікаў «Гомон». Аднак у сучасным разуменні, як друк, непадкантрольны дзяржаве і альтэрнатыўны афіц. сродкам масавай інфармацыі, склаўся толькі ў Сав. Беларусі. Паводле крыніц інфармацыі падзяляецца на рэтраспектыўны (перавыданні раней надрук. дакументаў) і бягучы (арыгінальныя тэксты). Спосабы яго рэпрадуктавання: машынапіс, машынапіс з ксерапамнажэннем, ратапрынт, прынтэр, фотадрук.
Штуршком да актывізацыі самавыдавецкага руху стаў XX з’езд КПСС. На працягу 1960—1-й пал. 1980-х г. вядома аб узнікненні ў БССР шляхам С.д. прыкладна 20 рэтраспектыўных дакументаў і больш за 10 арыгінальных перыяд. і монавыданняў. Найб. адметныя арыгінальныя тэксты гэтага перыяду: час. «Падсьнежнік» (1963—64, аўтар-выдавец М.Ермаловіч), «Блакітны ліхтар» (1971—74, В.Мудроў, А.Рыбікаў, В.Шлыкаў), «Мілавіца» (1974—76, У.Арлоў, Г.Кулажанка, І.Чарняўскі і інш), «Гутарка» (1975—76, Ермаловіч), «Люстра дзён» (1980, С.Дубавец, В.Вячорка, С.Сокалаў), творы л-ры і гісторыі — «Сказ пра Лысую гару» (1-я пал. 1970-х г., аўтар невядомы), «Па слядах аднаго міфа» Ермаловіча (2-я пал. 1970-х г.) і інш. Вял. ўплыў на развіццё С.д. зрабілі працэсы лібералізацыі грамадства ў 2-й пал. 1980-х г. З 1988 пачалі выдавацца незарэгістраваныя газ. «Кантроль», «Навіны БНФ «Адраджэньне», «Студэнцкая думка». Да канца 1988 на Беларусі налічвалася 7 афіцыйна незарэгістраваных выданняў, у 1989—34, у 1990—53. Асн. тэмы С.д. — грамадска-паліт. сітуацыя ў БССР і СССР, «белыя плямы» гісторыі, праблемы бел. дзяржаўнасці і мовы, пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы і інш.
С.д. пайшоў на спад з прыняццем у СССР 1.8:1990 «Закона аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», які адмяніў папярэднюю цэнзуру. На працягу некалькіх наст. месяцаў частка самавыдавецкіх газет і часопісаў прайшла працэдуру афіц. рэгістрацыі, іншыя спынілі сваё існаванне. Чарговы этап актывізацыі С.д. назіраўся з сярэдзіны 1990-х г., што звязана з адсутнасцю буйнога капіталу на айч. медыя-рынку і абмежаванай колькасцю недзярж. сродкаў масавай інфармацыі, а таксама з пашырэннем кола карыстальнікаў камп’ютэрнай тэхнікай. З 1995 шматлікім грамадскім арг-цыям, клубам па інтарэсах, гурткам, навуч. установам заканадаўствам дазволена выдаваць часопісы, газеты, інфарм. бюлетэні без афіц. рэгістрацыі ў Мін-ве інфармацыі, калі кожны чарговы выпуск не перавышаў 499 экз. (пасля прыняцця змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 8.1.1998—299 экз.). Паралельна ўсё большае распаўсюджванне набываюць электронныя выданні ў глабальнай сетцы Інтэрнет. З 1995 да жн. 2001 вядома аб выхадзе каля 600 друк. і 40 электронных выданняў без уліку рэкламнай прадукцыі і агітацыйнай л-ры ў час кампаній па выбарах прэзідэнта, Вярх. Савета, Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу і мясц. органаў улады.
Літ.:
Тимофеева Л.Н. Альтернативная печать: ее сущность и значение // Пресса: опыт, пробл. и тенденции. М., 1992;
Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971—1990): Каталёг. Мн., 1998.
С.І.Грыб.
т. 14, с. 124